МУЗЫ́ЧНА-ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,

грамадска-навуковая арг-цыя, якая вывучала муз. фальклор народаў Расіі. Існавала ў 1901—21. Засн. М.Янчуком (яе нязменны кіраўнік) пры этнагр. аддзеле Т-ва. аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. У рабоце камісіі ўдзельнічалі М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў, Дз.Аракішвілі, А.Грачанінаў, М.Іпалітаў-Іванаў, А.Кастальскі, Я.Лінёва, А.Лістападаў, М.Лысенка, М.Пятніцкі, Б.Яворскі і інш. Наладжвала песенныя экспедыцыі, рэгулярныя публічныя этнагр. канцэрты (выконваліся і бел. песні), выдавала «Працы...» (1906, 1907, 1911, 1912). Фалькларыстычную дзейнасць спалучала з грамадска-асветнай (арганізацыя хар. гурткоў для рабочых, Нар. кансерваторыі, 1906; Муз. вучылішча пад кіраўніцтвам А.Маслава, час. «Музыка и жизнь», 1908—12). Пастаянна цікавілася лёсам бел. нар. музыкі; заахвочвала збіральнікаў фальклору, рэцэнзавала песенныя зборнікі (у т. л. вып. «Беларускага зборніка» Е.Раманава, 1910), стымулявала стварэнне апрацовак бел. нар. песень, публікавала іх у сваіх «Працах». Сабрала каля 700 бел. напеваў; з 1909 дапамагала муз. матэрыяламі арганізатарам бел. канцэртаў у Вільні. На аснове камісіі створана этнагр. секцыя Дзярж. ін-та муз. навукі.

Літ.:

Янчук Н.А. Записка об изучении народной песни и музыки и о деятельности Московской музыкально-этнографической комиссии. М., 1905;

Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.

Л.С.Мухарынская.

т. 11, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)